Главная » 2012»Июнь»4 » Чыноўнік: Каб прыязджала больш гасцей, трэба прадаваць сядзібы, вёскі і не саромецца сэкс-турызму
21:35
Чыноўнік: Каб прыязджала больш гасцей, трэба прадаваць сядзібы, вёскі і не саромецца сэкс-турызму
Скульптура і насценны малюнак на аграсядзібе (Браслаўскі раён).
У пачатку летняга сезону спецыялісты розных узроўняў шмат кажуць пра павышэнне турыстычнай прывабнасці краіны. Зрабіць гэта ў першую чаргу можна за кошт паляпшэння інфраструктуры. Аб некаторых планах дзяржавы распавёў у інтэрв’ю каналу «РТР-Беларусь» намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга.
Як ужо паведамлялася, сёлета ў краіне пачынаецца маштабны распродаж помнікаў гісторыі. За грошы можна купіць і палац Патоцкіх, і маёнтак Раманавых.
— У нас у той ці іншай ступені захаваліся больш за тысячу родавых сядзібаў, — распавёў Часлаў Шульга. — Недзе рэшткі паркавай зоны, дзесьці падмуркі. Хай іх купяць за базавую велічыню, але возьмуць на сябе сацыяльную нагрузку: што на працягу 5–10 гадоў будуць развіваць тут турызм.
Намеснік міністра паведаміў, што ў асобных раёнах Беларусі зараз спісваюць ў разрад нежылых дзясяткі вёсак. «Мёртвыя» вёскі таксама плануюць прадаваць за бясцэнак.
— Ідэя тая ж: хай хтосьці купіць іх за адну «базавую». Чаму б інвестару не набыць вёску, не аднавіць яе? Гэта быў бы добры цікавы прадукт.
Адказваючы на пытанне вядучага пра яшчэ адзін кірунак турызму (маўляў, у Беларусь цяпер актыўна ездзяць сэкс-турысты з Італіі, Турцыі), Часлаў Шульга прапанаваў гэтага не саромецца.
— Тут выбачацца няма чаго. Гэта тое што, напрыклад, запатрабавана ў Даніі. Яны знайшлі козыр. Мы сёння гэта не культывуем, не гаворым — прыязджайце да нас па сэкс-паслугі.
Але калі ў кагосьці ёсць цікавасць, то хай едзе, шукае, знаёміцца, жэніцца.
Паводле чыноўніка, важная задача, якую ставіць зараз дзяржава ў сферы турызму — скараціць бюджэтныя выдаткі на развіццё інфраструктуры і даверыць гэта бізнэсу. Прагрэс ужо ёсць, дзяржаўныя сродкі расходуюцца ў разы меншыя, чым 3–5 гадоў таму.